25 жніўня, Слаўгарад /Уласн. інф./ Роля грамадскіх фарміраванняў у нашым жыцці толькі на першы погляд здаецца намінальнай. Калі ж глыбей унікнуць у сутнасць праблем, якімі займаюцца яны, то становіцца зразумелым, наколькі гэты грамадскі інстытут запатрабаваны, а людзі, якія задзейнічаны ў ім, на самой справе альтруісты. Бо не кожны ўзваліць на сябе цяжар адказнасці за, як кажуць, чысты “дзякуй”.
Раённая жаноцкая арганізацыя акурат з такіх фарміраванняў, дзе праз мудрасць жанчын, мацярынскую любоў імкнуцца ўплываць на грамадства, каб не было насілля, п’янства і іншых негатыўных праяў. У раёне створаны 52 пярвічкі, дзе ідэяй жаноцкай дабрачыннасці ахоплена 1265 жанчын. Толькі за бягучы год з’явілася 5 пярвічак. Узначальвае раённы жансавет І. М. Халеева, упраўляючы аддзялення “Беларусбанк” Слаўгарада. На мінулым тыдні ў зале паседжанняў райвыканкама прайшла справаздачна-выбарная канферэнцыя жансавета. Вяла ягоную работу ўпраўляючы справамі райвыканкама і адначасова намеснік старшыні жансавета В. М. Бялова. На канферэнцыю прыбылі 52 старшыні пярвічак з 72 вылучаных на гэты форум.
Правамоцтвы канферэнцыя мела і праз зацверджанне павесткі дня выйшла на галоўную тэму – даклад старшыні арганізацыі за справаздачны перыяд.
І. М. Халеева адлюстравала захады арганізацыі па выкананню дзяржаўнай палітыкі адносна інтарэсаў жанчыны. Спынілася на дабрачынных акцыях, у якіх брала ўдзел арганізацыя, рабоце са шматдзетнымі сем’ямі, якіх у раёне налічваецца 185, акцэнтавала ўвагу на прававых нормах, у якіх закрануты інтарэсы жанчыны, прааналізавала іх захаванне ў нашым раёне.
У абмеркаванні даклада прынялі ўдзел: А. В. Плехава, старшыня Васькавіцкага сельвыканкама; Т.А. Гурына, старшыня раённай арганізацыі “Сяльчанка”, М. Э. Езерская – дырэктар раённага цэнтра сацабароны насельніцтва; В. У. Езерская – рэдактар райгазеты “Прысожскі край”. Кожная з выступоўцаў дзялілася вопытам сваёй работы, ацэньвала дзейнасць арганізацыі за справаздачны перыяд. У выніку галасавання яна атрымалася здавальняючай.
Затым адбыліся выбары органаў кіравання і прэзідыума, у склад якога ўвайшлі 13 жанчын, для якіх актыўная жыццёвая пазіцыя ўзведзена ў ранг нормы. Адкрытым галасаваннем была выбрана старшыня раённай арганізацыі. Былы жаночы кіраўнік па ўласным жаданні пакінула гэты пост.
Новым лідарам выбрана Г.М.Мошына, загадчык упраўлення па працы, занятасці і сацабароне райвыканкама. На канферэнцыі былі выбраны 2 дэлегаты на абласную канферэнцыю БСЖ.
В. УЛАДЗІМІРАВА
"Прысожскі край"